Главная Публикации «Личность-слово-социум» – 2009 Современные тенденции в Литературе (Секция 3) КАМПАЗІЦЫЯ ПРЫВІЛЕЯЎ КНІГІ ЗАПІСАЎ (1522–1552 гг.) (Паляшчук НаталляВікенцьеўна)

Паляшчук Наталля Вікенцьеўна

Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі

КАМПАЗІЦЫЯ ПРЫВІЛЕЯЎ «КНІГІ ЗАПІСАЎ» (1522–1552 гг.)

«Кніга запісаў» (1522–1552) – 28 том Метрыкі Вялікага княства Літоўскага (арыгінал захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў, фонд № 389, справа 28), першаступеннай крыніцы для вывучэння гісторыі і культуры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы.

Дадзеная кніга з’яўляецца кнігай–копіяй канца XVI ст. Гісторыкам В. С. Мянжынскім адзначаецца, што кірылічны рэестр, загалоўкі, тэкст актаў напісаны пісцом Адамам Мацвеевічам Пашкевічам [1,5].

У храналагічных і лакальных адносінах дакументы кнігі (іх агульная колькасць – 161) размяркоўваюцца наступным чынам: 108 належыць да перыяду 1522–1542 гг., часу праўлення Жыгімонта I,53 – да 1551–1552 гг., часу праўлення Жыгімонта II. 148 дакументаў створаны ў Вільні,8 – у Кракавае,2 – у Петрыкаве, па 1 – у Брэсце, Радуні, Маскве.

Аснову «Кнігі запісаў» складаюць прывілеі, пацвярджэнні і інскрыпцыі (жанравая прыналежнасць дакументаў вызначана на падставе іх саманазвы, фармуляра, структуры). Так, лісты, якімі афармлялася атрыманне ці перадача зямель, маенткаў, прызначэнне на пасады, дазвол на будаўніцтва замкаў, гандаль на пэўнай тэрыторыі, вызваленне ад плацяжоў і павіннасцей, адносяцца да прывілеяў. Лісты, у якіх на падставе прад’яўлення раней выдадзеных афіцыйных дакументаў пацвярджалася дараванне, купля–продаж, вызначаюцца як пацвярджэнні. Лісты, у якіх утрымліваўся загад, даручэнне канкрэтнай асобе або групе асоб ажыццявіць што–небудзь, класіфікуюцца як інскрыпцыі.

У дадзеным артыкуле зроблена спроба даследавання структуры (разгляд суадносін і размяшчэння асобных частак (клаўзаў) дакументаў у адпаведнасці з іх інфарматыўным прызначэннем) і фармуляра (набору формул – канструкцый з адносна пастаянным лексічным складам, граматычнай структурай, з’яўленне і выкарыстанне якіх абумоўлена ў тэкстах пэўнай жанравай разнавіднасці ідэнтычных ці падобных сітуатыўных схем і традыцыі іх афармлення) дакументальнага тэксту пэўнага жанру (на матэрыяле прывілеяў).

Агульная схема пабудовы прывілеяў прэзентуецца пачатковым пратаколам (invocatio, intitulatio, inscriptio), асноўнай часткай (arenga, promulgatio, narratio, dispositio, corrobaratio), канцавым пратаколам (datum, subscriptio, пералік асоб, прысутных пры прыняцці ці напісанні пастановы).

Invocatio (прысвячэнне богу) прадстаўлена трафарэтам Воймя Божье стансе (47; 144; 154 – тут і далей у дужках паказаны нумар акта разглядаемай «Кнігі запісаў»), выкарыстанне якога сведчыла пра намер адрасанта дзейнічаць справядліва, у адпаведнасці з існуючымі прававымі нормамі. Лічыцца, што гэты выраз, які сваімі вытокамі ўзыходзіць да рэлігійных тэкстаў, у актах вялікакняжацкай канцылярыі ўзнік пад уплывам заходнееўрапейскага справаводства.

Arenga ўяўляе сабой разважанне філасофскага характару і адзначаецца толькі ў трох прывілеях (47; 144; 154).

Intitulatio прэзентуецца некалькімі мадэлямі з наступнымі кампанентамі ў форме назоўнага склону: імя правіцеля: Жикгимонтъ / Жикгимонтъ Августъ (1; 10; 45; 150; 155 і інш.); імя правіцеля + спалучэнне Божью милостью: Жикгимонтъ Божью м(и)л(о)стью (5; 8; 80; 91 і інш.); імя правіцеля + спалучэнне Божью милостью + назва тытула (скарочаная, як у прывілеях 29; 130; 131; 135, і поўная (47 і 109): Жикгимонт Божью м(и)л(о)стью, корол(ь) (29); Жикгимонт Август, Божью м(и)л(о)стью корол полский, великий кн(я)зь лит(о)вский, руский, пруский, жомойтский, мазовецкий и инъныхъ (109). Ужыванне поўнага тытула правіцеля адлюстроўваецца ў дакументах канцылярыі ВКЛ з 1495 г. і абумоўлена шлюбам вялікага князя Казіміра з дачкой вялікага князя маскоўскага Аленай Іванаўнай, умацаваннем дыпламатычных адносін з Маскоўскім княствам. Варыянтнасць афармлення тытулатуры можна растлумачыць тым, што пры перапісванні дакумента ў кнігу–копію перапісчык з–за вядомасці тытула апускаў нейкую яго частку. Выказанае меркаванне, дарэчы, пацвярджаецца абазначэннем адрасанта ў актах 1551–1552 гг. па схеме Жикгимонтъ Августъ и далей… (140; 143; 144).

Inscriptio не носіць абавязковы характар і адзначаецца не ва ўсіх актах (12; 41; 68; 92): Воеводе киевъскому, тому, хто от насъ тотъ замокъ нашъ Киев держати будеть (12).

Promulgatio – публічнае аб’яўленне – вызначаецца структурнай разнастайнасцю. Поўны варыянт Чинимъ явно / Чинимъ знаменито симъ н(а)шимъ листомъ, хто на него посмотрить або чтучи его услышить, нинешнимъ и напотомъ будучимъ, кому будеть потреба того ведати або, чтучи его, слышати (5; 41; 65; 77; 135 і інш.) уяўляе сабой складаназалежны сказ з двума даданымі, у галоўнай частцы якога базавымі элементамі выступаюць фразеалагізмы чинити знаменито / чинити явно ‘даводзіць да ведама’. У выніку трансфармацыі гэтай канструкцыі, абумоўленай змяншэннем кампанентаў, з’явіліся трафарэты, прадстаўленыя 1) складаназалежным сказам з адной даданай: Чинимъ явно симъ н(а)шимъ листомъ нинешнимъ и напотомъ будучимъ, кому будеть потребъ того ведати (138); 2) простым сказам Чинимъ явно / Чинимъ знаменито симъ (тымъ) н(а)шимъ листомъ (10; 55; 61; 72 і інш.), які ў шэрагу выпадкаў мае адпаведнік Ознаймуемъ симъ нашимъ листомъ (1; 29; 30; 31 і інш.). Тэндэнцыяй да эканоміі часу перапісвання акта ў капійную кнігу, а магчыма, і паперы, а таксама ўлікам вядомасці promulgatio трэба абгрунтаваць наяўнасць канструкцыі Чинимъ знаменито симъ нашимъ листомъ и далей (140).

Narratio прывілеяў складаецца з дзвюх частак. Першая частка ўтрымлівае ўказанне на тых, хто звяртаецца да правіцеля, прычыну і абгрунтаванне просьбы. Зачынам гэтай клаўзы выступае трафарэтны выраз, пабудаваны па наступнай мадэлі: фразеалагізм бити чоломъ (у форме 3–яй асобы адзіночнага ці множнага ліку прошлага часу) + назва асобы па пасадзе, сацыяльнаму становішчу + імя, імя па бацьку і прозвішча асобы + дзеяслоў поведити ў форме 3–яй асобы адзіночнага ці множнага ліку прошлага часу) + займеннік мы ў месным склоне з прыназоўнікам передъ + злучнік (ижъ, штожъ, ижъ, о томъ штожъ) (5; 42; 69; 77; 130 і інш.): Билъ намъ чоломъ архимандритъ пр(е)ч(и)стое б(о)гом(а)т(е)ре манастыра Печерского в Киеве Софроней… и поведилъ перед нами. Што жъ которая дан[ь] перед тымъ из давныхъ часовъ хоживала з украинныхъ Северскихъ городовъ изъ Стародуба… к тому манастыру н(а)шому Печерскому (19). Замест дзеяслова поведити выступаў таксама дзеяслоў жаловати (66). Радзей сустракаецца афармленне зачына праз складаназалежныя сказы, у якіх галоўная частка прадстаўлена сказамі поведилъ передъ нами о томъ, штожъ… (29; 30; 46); били намъ о томъ, што… (131); присылалъ до насъ, оповедаючи, ижъ… (55); мовилъ намъ и жедалъ насъ о то… (61).

Другая частка narratio ўтрымлівае фармуліроўку просьбы і прадстаўлена складаназалежным сказам з даданай дапаўняльнай часткай, звязанай з галоўнай пры дапамозе злучнікаў жебыхмо, абы, абыхмо; базавым элементам галоўнай часткі з’яўляецца фразеалагізм бити чоломъ ‘прасіць’ (5; 15; 45; 77; 112 і інш.): И билъ намъ чоломъ, абыхмо мы тепер того стародавного доходу и пожитку манастыра Печерского не отпустили (19). У прывілеі № 66 у галоўным сказе канструкцыі выклад зместу просьбы выражаецца праз дзеяслоў просити, які выступае сінонімам да бити чоломъ: для чого они просили нас, абыхмо знову листъ, уставу н(а)шу на то имъ дали.

У narratio некаторых актаў утрымліваецца толькі адна частка, якая ў такім разе пачынаецца спалучэннем бити чоломъ ‘звяртацца’ і дзеясловам просити: Билъ намъ чоломъ пан Лев Семенович Чижъ и просил нас, абыхмо ему от нас в держанье дали дворы н(а)ши Еишишские и Вораны (57); радзей адзначаюцца выпадкі з апушчэннем дзеяслова (140; 146): Билъ намъ чоломъ боярин земли Полоцкое Война Петрович Епимах, абыхмо его пожаловали и дали ему у земли Полоцкой у волости Нищенской село Доложце… (140).

Пры наяўнасці нарацыйнай часткі dispositio афармлялася праз трафарэт з базавым элементам зъ ласки нашое г(о)с(по)д(а)ръское то вчинили, пасля якога ўказвалася прынятае рашэнне (12; 15; 19; 57; 61 і інш.): з ласки нашое г(о)с(по)д(а)ръское то вчинили: даемъ на то дозволенье тому архимандрыту печерскому за границу… по дань посылати (12). Замест дзеяслова вчинити маглі функцыянаваць дзеясловы постановити, зоставити, вызволити, дозволити, непасрэдна звязаны з просьбай адрасата (29; 30; 55; 88; 89 і інш.). Параўн.: И били намъ чоломъ, абыхмо имъ плату н(а)шого, што они намъ в кождый год повинни были давати по тридцати копъ грошей, отъпустили (112) – А такъ мы з ласки н(а)шое г(о)с(по)д(а)ръское… отпустили есмо тымъ подданымъ н(а)шимъ, мещаномъ новгородскимъ, того плату н(а)шого тридцать копъ грошей… (112). У дакументах 39; 69; 92; 143 і інш. у названую вышэй формулу ўключана лексема чоломъбитъе: на чоломъбитье пана Глеба Зеновевича, то есмо вчинили (146).

Назіранні паказалі, што часта пры наданні прывілеяў на валоданне новай тэрыторыяй, на замяшчэнне новай пасады дыспазіцыйная частка ўтрымлівае ў сабе развагі і пераканаўчыя доказы – як правіла, імі з’яўляліся «верные и справедливые послуги», якія нехта «добре и пожиточне оказывалъ», – на карысць прыняцця рашэння, сфармуляванага ніжэй (1; 10; 41; 72; 96 і інш.): Ижъ, узнавши есмо цнотливое захованье и послуги дворенина н(а)шого, кн(я)зя Ивана Василевича Соломирицкого… хотячи его вперод ку служъбамъ н(а)шимъ охотнейшого вчинити… дали есмо ему от насъ у деръжанье двор нашъ Айну (1).

Corroboratio прывілеяў характарызуецца разнастайнасцю. Найчасцей яно знаходзіла рэалізацыю праз просты сказ з базавым элементам дати (у асабовай форме) листъ зъ нашою печатью (1; 8; 42; 109 і інш.). У шэрагу дакументаў указваецца атрымальнік прывілея праз выкарыстанне яго імя і прозвішча, этыкетнай формулы его/ее милости або асабовага займенніка ў давальным склоне (61; 72; 29; 106 і інш.): И на то даемъ Обдуле Абрагимовичу сес нашъ листъ дозволеный з н(а)шою печатью (29); И на то даемъ ей м(и)л(о)сти сес нашъ листъ дозволеный з нашою печатью (30); И на то дали есмо ему сес н(а)шъ листъ з н(а)шою привесистою печатью (61). Соrroboratio спарадычна прадстаўлена выразам: А на твердость того и печать нашу казали прывесити / приложити к сему нашому листу (5; 65; 135; 137; 144 і інш.).

Лакальна–тэмпаральная характарыстыка акта (datum) рэалізоўвалася праз просты сказ у складзе пасіўнага дзеепрыметніка прошлага часу ад дзеяслова писати + назва населенага пункта + спалучэнне подъ лето Божьего нароженья + +нумар года + назва месяца (у родным склоне) + нумар дня тыдня + адзінка старога царкоўнаславянскага летазлічэння, роўная 15 гадам (индиктъ) (1; 42; 68; 91 і інш.): П(и)сан у Вилни, под лет(о) Бож(ьего) нарож(енья) 1541, м(е)с(я)ца октяб(ря),21 ден(ь), индикта 15 (1). Скарочаны запіс датацыі ілюструюць прывілеі 65; 98; 99; 101; 104 і інш.: П(и)сан у Вильни, лет(о) Бож(ьего) нарож(енья) 1552 (143); П(и)сан у Вилни (65).

Указанне на асоб, прысутных пры прыняцці рашэння і яго дакументальнай фіксацыі, у «Кнізе запісаў» адзначаецца спарадычна: у прывілеях 47 (запіс абагулены),5,154 (запіс поўны). Формулай гэтай часткі дакумента з’яўляецца спалучэнне при томъ были: При томъ были панове рада Коруны Польское (47); при томъ были панове рада н(а)ша: ихъ м(и)л(о)сть кн(я)зь Павел, бискупъ виленский, кн(я)зь Валериян, бискупъ луцкий и берестейский… (154).

Subscriptio маецца ў прывілеях 154,155. Стваральнікі дадзенай кнігі–копіі не дазвалялі сабе імітаваць уласнаручны подпіс кіраўніка дзяржавы, а рабілі ідэнтычную заўвагу: Подпис руки г(о)с(по)д(а)ръское.

У «Кнізе запісаў» фіксуюцца таксама листы кглейтовные, якімі адмянялася незаконнае дзеянне ў адносінах да прыватных асоб і груп насельніцтва і зацвярджалася ранейшае становішча апошніх. Яны маюць істотнае падабенства ў структуры і моўным афармленні з прывілеямі. Да ліку іх адметнасцей належаць: 1) наяўнасць ў загалоўку саманазвы листъ кглейтовный: Листь кглейтовный Щастному Можейковичу… (93); Листъ воеводе–г(о)с(по)д(а)ру земли Молдавское Щефану кглейтовный… (136); 2) рэалізацыя promulgatio праз трафарэт Ознаймуемъ симъ н(а)шимъ листомъ; 3) наяўнасць спалучэння листъ кглейтовный у corroboratio: И на то есмо ему дали сес н(а)шъ листъ кглейтовный з н(а)шою печатью.

Структурна–фармулярны аналіз, накіраваны на вызначэнне асаблівасцей пабудовы дакумента і сукупнасці яго формул, дазволіў выявіць, што для прывілеяў «Кнігі запісаў» 1522–1542 гг. і 1551–1552 гг. уласціва наступная кампазіцыя: intitulatio, promulgatio, narratio, dispositio, corroboratio, datum. Істотна, што час і месца стварэння дакумента не аказвалі ўплыву на парадак размяшчэння яго частак. Не з’яўляюцца паказальнымі для прывілеяў такія клаўзы, як invocatio, inscriptio, arenga, subscriptio, пералік асоб, прысутных пры напісанні дакумента. Так, абмежаванасць выкарыстання invocatio можна абгрунтаваць тым, што яно не было звязана з асноўным зместам дакумента, сведчыла аб намеры адрасата, дзейнічаць справядліва, у адпаведнасці з існуючымі прававымі нормамі. Arenga з’яўлялася «дэкаратыўнай» часткай акта, паколькі ўтрымлівала абагуленую матывіроўку яго напісання, агульныя развагі філасофскага характару, не звязаныя з практычным бокам справы, а таму, магчыма па меркаванні складальнікаў, і непатрэбнай.

Размяшчэнне клаўзаў у дакументах у цэлым адпавядае прыведзеным схемам. Як адступленне трэба разглядаць пабудову, напрыклад, прывілея № 154, у якім формула адрасанта фіксуецца двойчы. У скарочаным варыянце яна папярэднічае invocatio; у поўным – спалучаецца з поўным варыянтам promulgatio. Параўн.: Жикгимонт Августъ… – Прото мы, Жикгимонт Августъ, Божью м(и)л(о)стью король польский великий кн(я)зь литовский, руский, пруский, жомойтский, мазовецкий и иных, чинимъ знаменито…

Адрознені паміж разгледжанымі прывілеямі абумоўлены найперш выкарыстаннем розных формул у адных і тых жа частках. Аднак, як відаць з прааналізаванага матэрыялу, колькасць складнікаў фармуляра ў intitulatio, promulgatio, narratio, dispositio, corrоboratio, datum вызначалася абмежаванасцю. Актуалізацыя той ці іншай формулы магла, відавочна, залежаць ад моўнага густу складальніка, яго жадання спрасціць ці, наадварот, ускладніць тэкст, пазбегнуць паўтораў і паказаць найбольш яскрава выражальны патэнцыял мовы, магчыма, скараціць час напісання дакумента або, нават, зэканоміць паперу. Мы ні ў якім разе не павінны тлумачыць варыянтнасць афармлення структурных частак дакумента малапісьменнасцю, нізкім узроўнем падрыхтаванасці пісараў. Вар’іраванне – з’ява заканамерная, якая мае месца на ўсіх этапах развіцця мовы і садзейнічае ў вядомай ступені пераемнасці моўных навыкаў, забяспечвае менш хваравіты пераход ад старой якасці да новай. Больш таго, наяўнасць некалькіх формул не пярэчыла дакладнай перадачы інфармацыі, яе адпаведнаму ўспрыманню рэцыпіентам.

Такім чынам, аналіз матэрыялу паказвае, што прывілеі як тэксты асобнага жанру вызначаюцца адзінствам структуры і моўнага афармлення. Падабенства ў кампазіцыі і фармуляры прывілеяў абодвух перыядаў дае падставу гаварыць пра выпрацаваныя ў канцылярыі Вялікага княства Літоўскага правілы стварэння тэкстаў пэўнай жанравай разнавіднасці.

Літаратура

1. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 28 (1522–1552). Кніга запісаў 28 / падрыхтоўка тэкстаў да друку і навуковы аппарат: В. Мянжынскі, У. Свяжынскі. – Мінск: АТНNАЕUМ, 2000. – 312 с.

 

Внимание!

Внимание! Все материалы, размещенные на сайте, выпущены в печатной форме и защищены законодательством об авторском праве Республики Беларусь. Полнотекстовое использование (перепечатка) материалов сайта допускается только с согласия издателя (ЧУП "Паркус плюс"), цитирование в научных целях допускается без согласия, но при обязательном указании автора статьи и источника цитирования.


Проверить аттестат

На правах рекламы