Главная Публикации «Личность-слово-социум» – 2009 Современные тенденции в Литературе (Секция 3) Ідэйна–мастацкі змест паэтычнага зборніка Сяргея Грахоўскага Недапісаная кніга (Борбат ТаццянаІванаўна, Ячмянева Ірына Мікалаеўна)

Борбат Таццяна Іванаўна, Ячмянева Ірына Мікалаеўна

Магілеўскі дзяржаўны універсітэт імя А. А. Куляшова

Ідэйна–мастацкі змест паэтычнага зборніка Сяргея Грахоўскага «Недапісаная кніга»

Адметнай паэтычнай з’явай 1990–х гадоў стаў зборнік вершаў С. Грахоўскага «Недапісаная кніга» (1996), выдадзены паэтам да 83–годдзя сваей творчай дзейнасці.

У першым раздзеле кнігі – «Лірычная памяць» – паэт нібы падводзіць вынік усяму свайму жыццю: «Імкліва бягуць за гадамі гады, // Як познія горкія слезы»; акрэслівае маральную мяжу, да якой падышло наша грамадства: «Пусцеюць душы і пусцеюць паркі»; гэтымі словамі выразна ўдакладняецца ідэйная пазіцыя аўтара, несумяшчальная з двурушніцтвам, кар’ерызмам, прыстасавальніцтвам.

Лірычная памяць паэта ўбірае ў сябе юнацкія гады («Майму інстытуту», «Равесніца», «Далекае», «Незваротнае», «Ваганні»), успаміны аб сустрэчах з каханай («Сцюдзеная ноч», «Белы бэз», «На Пцічы», «Чаромхавы чад», «Твае далоні пахнуць першым снегам»). Увогуле, для кнігі характэрна ўвага да «экалогіі пачуццяў, экалогіі кахання» чалавека. С. Грахоўскі ставіць інтымны пачатак на першае месца, суб’ектыўны фактар у творчасці паэта ўзмацняецца. Адсюль асаблівая ўвага да тэмы кахання, якая ў складаны, «перыпетыйны» час раскрываецца па–новаму.

Вершы на тэму кахання разнастайныя і па форме, і па змесце, па інтанацыі і філасофскім падыходзе. Яны вызначаюцца глыбіней падтэксту, выразнасцю псіхалагічнага малюнка, драматызмам. Часам умоўна–сімвалічны і рэальны планы пераплятаюцца, дапамагаючы перадаць стан душы лірычнага героя («Каля вогнішча», «На шыбах – белыя лілеі», «На Пцічы»). Адлюстроўваючы шматлікія адценні пачуцця, аўтар шукае адметныя сітуацыі, псіхалагічныя ўзроўні.

Каханне, паводле назіранняў паэта, дапамагала і дапамагае людзям «адолець, абмінуць і абысці» ўсе няшчасці і цяжкасці. Герой перажыў і пакуты, і здраду, але гэта толькі перадгісторыя сапраўднага кахання («Белы бэз», «Чаромхавы чад», «Шлюб», «Завялыя рамонкі»). Асабліва паказальны ў гэтым сэнсе верш «Хвіліна развітання»: «І за сібірскай колкай агароджай // Здавалася ты самай дарагой, // Бо верыла у будучае шчасце, // А шчасце – не расстацца у жыцці, // І гора, і наступныя няшчасці // Адолець, абмінуць і абысці» [1, с. 29]. Твор пранікліва–лірычны, у ім чалавечы боль і радасць максімальна набліжаны адно да аднаго, пераплецены і злучаны ў сэрцы героя, якое дае прытулак для ўласных і людскіх сумненняў і нягод.

Каханне – цуд, таямніца, дар божы, яно сведчыць пра маладосць і жыццевую сілу чалавека. У глыбока лірычных творах мастак не саромеецца шчырасці пачуцця: «Я траціў і развагу, і спакой, // Пачуўшы голас ціхі і спакусны, // Лавіў руку гарачаю рукой // І вуснамі – асмужаныя вусны» [1, с. 30].

Аднак, у шматлікіх вершах С. Грахоўскага пра каханне гучаць і восеньскія мелодыі незваротнасці, няўмольнасці часу, усеразбуральнага і абыякавага ў сваей адвечнай хадзе: «Па–стой… Паслухаем і пазайздросцім, // Пакуль праменьчык радасці не згас // Бяздумнай і вяселай маладосці, // Якая больш не вернецца да нас» [1, с. 21]. Таму жыцце набывае асаблівую каштоўнасць і сэнс, дорыць у каханні ўзаемную асалоду пачуццяў і перажыванняў.

Роздум аб канчатковасці чалавечага існавання, аб непаўторнасці кожнага яго імгнення нараджае сум («Мелодыя», «Дагарае леташняе лісце», «Позняя восень»), «светлы смутак» і «салодкі боль». Сум для паэта – гэта адчуванне далучанасці да клопатаў чалавека, яго мінулага, сучаснага і будучага, здольнасць самаахвяравання ў імя іншых. Нават шчасце, каханне будуць няпоўнымі без суму. Сумныя вочы каханай. Сумная памяць. Сумнае само жыцце: «Імкліва бягуць за гадамі гады, // Як познія горкія слезы» [1, с. 51].

Неабходна звярнуць увагу на мастацкі бок паэзіі С. Грахоўскага. Часам паэт нібы абыякавы да рыфмаў, яны прыходзяць як бы самі сабой, галоўнае, каб у вершы прабілася праўда пачуцця. Сустракаецца нават банальная рыфма, якая псуе верш, зніжае яго мастацкасць: «мушу – душы» [1, с. 108], «дагарае – іграе» [1, с. 36], «сагрэць – дагарэць», «замялі – звілі» [1, с. 8], «вал – павал» [1, с. 34]. Часцей за ўсе сустракаецца рыфма дакладная, хоць і не вызначаецца навізной: «знарок – крок», «парога – старога», «не дуры – на двары», «мошчы – любошчы», «давідна – адна» [1, с. 94].

Удала вынесена ў рыфму слова «посах» у аднайменным вершы. У цэнтры ўвагі паэта посах, падораны Я. Скрыганом. Гэта слова акумулюе ў сабе ўсю лірычную энергію страфы. І таму не заўважаецца традыцыйная рыфма «трава–галава» [1, с. 97]. Свежыя рыфмы: «дваццаць тры – вятры», «тэлефона – утрапена» – у вершы «Маўчанне», у іх заключаны значны сэнс, засяроджваецца лірычная напружанасць: «Зноў цягнецца рука да тэлефона, // І набірае лічбу дваццаць тры // А потым трубку кідаю ўтрапена, // Бо толькі трубяць за акном вятры» [1, с. 96].

Верш «Музыка» пабудаваны на адных дзеяслоўных рыфмах: «вярэдзіць – папярэдзіць», «лячу – заплачу», «ўпаду – вяду», «лячу я – чую» [1, с. 99]. У дадзеным выпадку такая рыфма прыдатная, бо перадае дынаміку падзей і пачуццяў: «Я адрываюся ад мітусні і тлуму // І забываюся уласнае імя, // Пакіну на зямлі і клопаты, і думы» [1, с. 99]. Вылучаюцца свежасцю, навізной і такія рыфмы, як «купена – Шапэна» [1, с. 98], «восень – вось ен», «злева – залева», «растрывожыць – варожыць», [1, с. 100], «змроку – зроку», «не плач – уцякач», «адкуль – ад куль» [1, с. 103] і інш.

Неабходна адзначыць, што сярод звыклых выразаў пракідаюцца выдатныя знаходкі («На шыбах – белыя лілеі», «Твае далоні пахнуць першым снегам», «Сцюдзеная ноч»), у якіх лірычнае пачуцце – шчырае і сапраўднае: «Туманны вечар. // І карункі снегу // На вербах і на чырвані рабін // Мне нагадалі даўнюю кунегу // Як на марозе палымнелі губы, // Твая дрыжала у маей рука» [1, с. 12].

Здольнасць любіць жыцце, людзей, прыроду выпакутавана лірычным героем. Любоў для яго – гэта перш за ўсё цяжкая душэўная праца, з яе падзеннямі і ўзлетамі, набыткамі і стратамі. Пры гэтым адбываецца духоўны рост героя, яго сталенне. Адсюль – пастаяннае хваляванне аб захаванні душы, а таксама боль за сучаснага чалавека, які часам забывае аб духоўных каштоўнасцях: «Не агораць збавення нідзе, // Ні ў пракленах, ні ў шчырым маленні, // Бо на нас, як пагібель, ідзе // Дэфіцыт дабраты і сумлення» [1, с. 268].

Мэта паэзіі, у разуменні С. Грахоўскага, – гэта сцвярджэнне і захаванне духоўных каштоўнасцей, няхай нават насуперак асабістаму шчасцю і спакою: «Боль за сябе і за народ // Скалечыў і маю душу, // Таму ўжо каторы год // Крывею ўласнаю пішу, // Пакутую, але не лгу <…>» [1, с. 163]. Сум і душэўны боль, як правіла, суправаджаюць творчасць, робяць чалавека праніклівым, дапамагаюць супрацьстаяць самазаспакаенню. Лірычны герой С. Грахоўскага бязлітасна судзіць сябе, калі заўважае хоць малейшыя прыкметы самазадавальнення: «Жыцце ўсяго адно, і часу мала, // Таму спяшайся і пішы, пішы» [1, с. 131].

Сцвярджэнне святасці чалавечага духу – галоўная задача пісьменніка. Лірычны герой не баіцца болю, пакут: «Таму, нібыта Авакум, // Пакутую за ўсе пакуты, // Душа заходзіцца ад дум, // Нібы ад горкае атруты» [1, с. 109]). Боль не разбурае гармоніі жыцця, а спрыяе нараджэнню і сцвярджэнню яе.

Даверлівай і ўсхваляванай інтанацыяй, тонкім разуменнем чалавека, яго сувязей з жыццем, прыродай, псіхалагічнай дакладнасцю і лаканізмам выражэння душэўных зрухаў пазначаны і вершы «Фінал», «Крыж», «Аўтаэпітафія», «Скарб», «Яшчэ б адну вясну адвеснаваць». У гэтых і многіх іншых творах С. Грахоўскі па–майстэрску перадае адчуванне хуткаплыннасці жыцця, сумненні ў дасягнутых імкненнях і ідэалах, таму з кожным годам узрастае жаданне знайсці новыя шляхі, каб спець сваю лепшую песню: «Так з ночы ў ноч караю і караю // Сваю недасканалую душу, // Усё, што непакоіць, паўтараю, // А раніцай, як споведзь, запішу» [1, с. 234]. Знешне спакойная, ураўнаважаная інтанацыя падкрэслівае глыбокі трагізм таго, што адбываецца ў паэтавай душы.

Вершы С. Грахоўскага апошніх гадоў напоўнены схаваным драматызмам ад адчування «апошняй вярсты» («Журавы», «Неюбілейны», «Адзінае жаданне», «Мае радкі», «Мара», «Казка жыцця», «Прычына»). Стан душы лірычнага героя, увесь боль, выкліканы жыццёвымі расчараваннямі і роздумамі аб смерці, дапамагаюць перадаць часцей за ўсё афарыстычна арганізаваныя пытальныя сказы: «Куды мне дзецца ад тугі // І ў каго знайсці спагаду. // Як вузел развязаць тугі, // Што зблытаў і любоў, і здраду?» [1, с. 127]. Такі горкі роздум падштурхоўвае лірычнага героя даражыць кожным жыццёвым імгненнем, прыслухоўвацца да яго музыкі, яго адценняў, гукаў.

Драматызацыя лірыкі знаходзіць не толькі змястоўнае, але і фармальнае выяўленне ў выглядзе вершаў–дыялогаў («Бежанцы», «Апошняя»).

Публіцыстычная завостранасць голасу С. Грахоўскага абумовіла распрацоўку новых паэтычных форм, стылявую іх поліфанію. Паэт часта звяртаецца да сімволікі, укладваючы ў яе багаты філасофска–эстэтычны змест («Над прорваю», «У сацлагеры», «Спруты», «Тупікі»).

Многія творы гэтага цыкла маюць выразныя адбіткі эпасу. Ліра–эпічнымі ўяўляюцца нам вершы «Век», «Змена – змене», «Вечныя». Гэта вершы–апавяданні, балючыя занатоўкі пра сенняшні час.

С. Грахоўскі з гнятлівасцю, горыччу і трывогай гаворыць пра катастрафічнасць існавання чалавека, усвядомлена пратэстуе супраць антыдухоўнай, антычалавечай стыхіі, што захліснула свет. Гуманізм, дабрыня, справядлівасць, свабода і роўнасць усіх людзей – арыенціры паэта. Таму ен усей душой не прымае «практыку дзікага капіталізма», нажывы, пратэстуе, выкрывае псеўдадэмакратаў, чыноўнікаў, бачыць новых каралеў, якія «махлярствам і страчаным сумленнем, як ліпку, абдзіралі свой народ» [1, с. 165]. Адбылася сацыяльная мімікрыя: былыя камуністы, высокага рангу чыноўнікі зрабіліся капіталістамі, сярод іх і тыя «марксізму дактары навук і кандыдаты», якія хутка перабудаваліся: «Прызначылі народных дэпутатаў // І тыя рушылі зацята на народ, // Да мікрафонаў, да дэбатаў, // Абы рабіць усё наадварот» [1, с. 204].

Грамадзянская пазіцыя паэта–патрыёта, чалавека з абвостраным пачуццем сумлення, адказнасці за ўсе, што адбываецца на зямлі, прымушае ўсе часцей выкарыстоўваць форму непасрэднага звароту да адрасата – да маці, Радзімы, беларусаў. Звароты выконваюць у творах розную ідэйна–мастацкую функцыю. Напрыклад, у лірычным маналогу «Маці» паэт выказвае ўдзячнасць сваей Радзіме – «маці беларускай» – за працавітасць, вытрымку ў цяжкія хвіліны, маральную падтрымку дзяцей. Звяртаючыся да беларускага народа («Мой народ»), паэт выказвае надзею на лепшы лёс Беларусі. Здзіўляе здольнасць мастака пранікаць у стагоддзі, звязваючы асабістае і дзяржаўнае, блізкае і далёкае: «А я – пясчынка гэтае зямлі, // Дзе пот і кроў ліюць, як і лілі» [1, с. 186].

Усе часцей, звяртаючыся да самога сябе, паэт спрабуе знайсці адказы на хвалюючыя яго пытанні: «Калі ж нарэшце вернуцца парадкі // На нашай пакалечанай зямлі?» («Пытанні»), «Але ж куды далей ісці?» («Хвіліна адчаю»). І не горкі папрок, а імкненне зразумець сучасніка, усведамленне няпростасці яго праблем стаіць за гэтымі пытаннямі.

Клопатам мастака за будучае Радзімы і будучае нацыі вызначаюцца лірычныя маналогі («Надзейны старт», «Дарэмны крык», «Гараць лясы», «У сацлагеры», «Безназоўныя элегіі» і інш.). Апошні лірычны зборнік С. Грахоўскага цалкам прасякнуты элегічным настроем.

У сваіх творах паэт падсумоўвае зробленае, разважае пра немінучую канчатковасць зямнога шляху, смерць. Паглыбляецца філасофскі падыход мастака да ацэнкі з’яў і ўчынкаў людзей. Часам яго цікавяць сітуацыі «памежжа», «пагранічча» – сітуацыі, якія, на думку вядомых беларускіх літаратуразнаўцаў А. Бельскага, І. Чароты, М. Мішчанчука, з’яўляюцца характэрнымі для беларускага менталітэту: «Шукаю, клічу, варажу я, // Наіўна веру, як дзіця, // А лёс шляхі мае крыжуе // На стыку смерці і жыцця» [1, с. 172]. Душа паэта знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, веры і бязвер’я, святасці і грахоўнасці. Сумленне дакарае пісьменніка, яно выступае ў якасці «справядлівага суддзі, што ацэньвае вынікі і грамадзянскую значнасць дзейнасці». Таму С. Грахоўскі адчувае асабістую віну за дзень сенняшні і трагічныя памылкі мінулага.

Трагічнымі матывамі, адчуваннем разломнасці «дзікага стагоддзя», перажываннем страты ранейшых каштоўнасцей прасякнуты «Безназоўныя элегіі», якія выразна перадаюць настрой паэта, што расчараваўся ў жыцці, сабе і людзях. Цэнтральныя вобразы–сімвалы медытацый С. Грахоўскага – «нябыт» «раздарожжы крывыя», «грозныя сузор’і», «сляпая завіруха», «апошні снег» – таксама сведчаць пра трагедыйнасць светаўспрымання паэта ў апошнія гады.

Акрамя таго, многія вершы змяшчаюць у сабе супрацьлеглыя, палярныя сітуацыі, паняцці. Усё гэта прыводзіць да паяднання ў адным творы радаснага і сумнага настрою, апісальнасці і філасафічнасці, праяў оды і элегіі («Размова з помнікам», «Мой народ», «Літанне», «Пад небам Беларусі»). Так, у вершы «Пад небам Беларусі» паэт распавядае пра свой душэўны стан безвыходнасці, нават адчаю: «Хацеў накінуць на сябе пятлю, // бо змогся ад жыцця такога <…>« [1, с. 224]. Далей інтанацыя твора мяняецца. У вершы з’яўляецца вобраз–сімвал сонца, якое абудзіла не толькі прыроду, але і веру лірычнага героя ў лепшы час для краіны.

Стылевымі асаблівасцямі паэзіі С. Грахоўскага апошніх год становяцца грамадзянская палкасць, публіцыстычнасць, часам вострая іронія, бескампраміснасць у дачыненні да любых праяў зла і адначасова глыбокі лірызм і філасафічнасць.

Такім чынам, матыў неадплатнага абавязку перад людзьмі, бязлітаснага патрабавання да сябе выходзіць ў паэтычным зборніку С. Грахоўскага на першае месца. Не страчваючы грамадзянскага пафасу, лірыка паэта ўсе глыбей адлюстроўвае супярэчлівы стан яго душы: сумненні ў сабе, жаданне набыць новыя, невядомыя дасюль сувязі са светам. Ускладненасць філасофска–эстэтычнага пошуку адточвае паэтычную форму паэта. У жанравай сістэме С. Грахоўскага сцвярджаецца лірычная мініяцюра, лірычны маналог, элегія, у якіх выражаецца глыбокі роздум мастака слова над праблемамі часу. Стыль пісьма стаў сінтэтычным: у творах адначасова спалучаюцца публіцыстычнасць, іронія і філасофскі роздум, падсвечаны элегічным настроем. Вершы пра гісторыю краіны, пра час і людзей пазначаны рэалістычнай і псіхалагічнай дакладнасцю малюнка, строгасцю пачуццяў і глыбіней думкі.

Літаратура

1. Грахоўскі, С. Недапісаная кніга: вершы / С. Грахоўскі – Мінск: Маст. літ., 1996. – 271 с.

 

Внимание!

Внимание! Все материалы, размещенные на сайте, выпущены в печатной форме и защищены законодательством об авторском праве Республики Беларусь. Полнотекстовое использование (перепечатка) материалов сайта допускается только с согласия издателя (ЧУП "Паркус плюс"), цитирование в научных целях допускается без согласия, но при обязательном указании автора статьи и источника цитирования.


Проверить аттестат

На правах рекламы