Главная Публикации «Личность-слово-социум» – 2008 Педагогика высшей школы (Секция 8) ДА ПЫТАННЯ АБ ВЫКЛАДАННІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ СТУДЭНТАМ ЭКАНАМІЧНЫХ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЕЙ (Юнаш М. У.)

Юнаш М. У.

Белорусский государственный экономический университет (г. Минск)

ДА ПЫТАННЯ АБ ВЫКЛАДАННІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ СТУДЭНТАМ ЭКАНАМІЧНЫХ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЕЙ

Курс «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» адыгрывае важную ролю ў агульнай падрыхтоўцы студэнтаў эканамічных спецыяльнасцей, паколькі дапамагае сістэматызаваць і паглыбіць іх веды пра спецыфічныя рысы беларускай мовы, спрыяе фарміраванню прафесійнай моўнай кампетэнцыі, выпрацоўцы навыкаў самаўдасканалення і самакантролю, выхаванню любові і павагі да культуры Беларусі ў цэлым (як вядома, мова — элемент культуры).

На наш погляд, адной з умоў эфектыўнага выкладання прафесійнай лексікі з’яўляецца распрацоўка комплексу практыкаванняў на матэрыяле эканамічных і агульнанавуковых тэрмінаў. Уяўляецца немэтазгодным складанне зборніка практыкаванняў для студэнтаў эканамічных ВНУ з выкарыстаннем пераважна агульнаўжывальнай лексікі, што мае месца, напрыклад, у зборніку С. В. Агароднікавай, М. І. Бажковай, І. І. Навасельцавай. Разам з тым, бясспрэчна, на занятках па беларускай мове ў сістэме вышэйшай адукацыі трэба надаваць пэўную ўвагу абагульненню агульнаўжывальнай лексікі, паколькі гэта будзе спрыяць выкарыстанню беларускай мовы, як адной з дзяржаўных моў, не толькі ў службовых, але i ў паўсядзeнных зносiнах. Аднак неабходна ўлічваць, што галоўная мэта курса»Беларуская мова. Прафесійная лексіка» — авалоданне мовай спецыяльнасці.

На сенняшні дзень па многіх тэмах недастаткова распрацаваны заданні на матэрыяле эканамічных тэрмінаў, напрыклад, па такіх тэмах, як паранімія, аманімія, навуковая фразеалогія і інш. На наш погляд, для замацавання параніміі можна прапанаваць студэнтам наступныя практыкаванні: вызначце, якія значэнні маюць словы (альянсальяс, сальда — сальта, вытворнывытворчы); выберыце з пар слоў–паронімаў патрэбнае слова і ўтварыце словазлучэнне (рухавырухомы (маемасць, мужчына); знайдзіце словазлучэнні, у якіх парушана лексічная спалучальнасць слоў (пазыковы ліст, матэрыялістычныя затраты, бягучыя выдаткі); прачытайце сказы, знайдзіце ў іх словы, якія могуць мець паронімы, растлумачце іх значэнне. З’яву аманіміі мэтазгодна разглядаць на прыкладах міжнавуковых аманімічных тэрмінаў, напрыклад, пасіў у лінгвістыцы — залежны стан, у эканоміцы — частка бухгалтарскага балансу, у якой у грашовым выражэнні паказаны крыніцы фарміравання і мэтавае прызначэнне гаспадарчых сродкаў прадпрыемства, яго даўгі і абавязацельствы. Нельга абыходзіць увагай на занятках навуковую фразеалогію, тэрміналагічныя словазлучэнні, якія ўзніклі на аснове вобразнага пераасэнсавання паняцця. Па гэтай тэме можна прапанаваць такія заданні, як, напрыклад, выберыце патрэбнае па сэнсе слова і запішыце прафесійныя ўстойлівыя выразы, растлумачце іх значэнне (валютны (калідор, пакой), (добразычлівы, агрэсіўны) інвестар, нажніцы (кошту, цэн), (спажывецкі, намінальны) кошык); да азначэнняў падбярыце адпаведныя прафесійныя ўстойлівыя выразы.

У курсе «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» значнае месца павінна адводзіцца спецыфіцы навуковага перакладу, працы з тэкстамі па спецыяльнасці. Гэта садзейнічае ўзбагачэнню слоўнікавага запасу, павышэнню культуры прафесійнага вуснага і пісьмовага маўлення студэнтаў. Важным з’яўляецца тое, каб студэнты ўсвядомілі неабходнасць правільнага перакладу зместу кожнага слова, кожнай думкі, бо паслоўны пераклад не заўседы адпавядае зместу выказвання. Акрамя таго, у прафесійных тэкстах ужываецца шмат дзеепрыметнікаў, пераклад якіх з рускай мовы на беларускую звычайна выклікае пэўныя цяжкасці. Таму патрэбна засяроджваць увагу на ўтварэнні і ўжыванні дзеепрыметнікаў, спосабах іх перакладу.

У вучэбным працэсе немэтазгодна абмяжоўвацца толькі практыкаваннямі і перакладамі. Для актывізацыі дзейнасці студэнтаў варта выкарыстоўваць лінгвістычныя гульні, дзелавыя гульні праблемнай накіраванасці. Так, дзелавыя гульні дазваляюць арганізаваць маўленчую дзейнасць студэнтаў шляхам імітацыі іх прафесійнай дзейнасці. Пры дапамозе мікрасітуацый мадэлюецца выкананне будучым спецыялістам сваіх функцыянальных абавязкаў. Дзелавыя гульні дазваляюць развіваць навыкі маналагічнага і дыялагічнага маўлення, навыкі кантроля і самакантроля, самаарганізацыі і арганізацыі сумеснай дзейнасці.

Такім чынам, для вырашэння задачы ўдасканалення ўзроўню валодання прафесійнай лексікай патрабуюцца новыя эфектыўныя метадычныя распрацоўкі. Відамі дзейнасці на занятках павінны быць не толькі практыкаванні, пераклады, але і лінгвістычныя, дзелавыя гульні, паколькі яны станоўча ўплываюць на матывацыю студэнтаў, павышаюць інфармацыйную кампетэнцыю, спрыяюць рэалізацыі творчага патэнцыялу.

 

Внимание!

Внимание! Все материалы, размещенные на сайте, выпущены в печатной форме и защищены законодательством об авторском праве Республики Беларусь. Полнотекстовое использование (перепечатка) материалов сайта допускается только с согласия издателя (ЧУП "Паркус плюс"), цитирование в научных целях допускается без согласия, но при обязательном указании автора статьи и источника цитирования.


Проверить аттестат

На правах рекламы