Главная Публикации «Личность-слово-социум» – 2008 Литература и фольклор (Секция 3) Псіхалагічная навела Змітрака Бядулі (Шарапа А. В.)

Шарапа А. В.

Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка

Псіхалагічная навела Змітрака Бядулі

Пры разглядзе пытання аб жанравай ідэнтыфікацыі беларускай навелы літаратуразнаўцы звяртаюцца да малой прозы пачатку ХХст. як перыяду станаўлення і росквіту жанру. Час гэты адзначаны ўздымам рэвалюцыйнага руху, актывізацыяй сацыяльных і духоўных пераўтварэнняў, ростам нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, станаўленнем новых грамадскіх ідэалаў. У літаратуры таксама назіраецца інтэнсіўны працэс станаўлення і развіцця: папулярнасць набылі розныя напрамкі, стылі, жанры, літаратура стала шматфункцыянальнай, іншымі словамі, яна «ўступіла на шлях паўнакроўнага самадастатковага развіцця згодна з законамі ўласнага ўнутранага самаруху і ў адпаведнасці з вызначальнымі тэндэнцыямі агульнага пераструктуравання мастацкага мыслення, што ў роўнай ступені вылучае ўсю сусветную літаратуру эпохі пералому стагоддзяў» [2, с. 194]. Аб’ектам мастацкай творчасці становіцца чалавек і звязаныя з ім умовы існавання, супярэчнасці грамадскага жыцця, сацыяльныя зносіны, традыцыі, звычаі.

У прозе пачатку ХХст. вызначаецца вялікая колькасць змешаных жанравых форм, што ў значнай ступені ўскладняе жанравае размежаванне паміж імі, адзначаецца стылявая мнагастайнасць, шырыня дыяпазону творчай ініцыятывы пісьменнікаў, калі яны выступаюць адначасова і як празаікі, і як паэты, і рэпарцёры, аўтары дакументальных нарысаў і апавяданняў. Літаратурная творчасць базуецца на апрацоўцы вусна–паэтычнай творчасці, выкарыстанні лірыка–рамантычных сродкаў, назіраецца пэўная схільнасць да сентыменталізму. Але найбольшую ўплывовасць у сацыяльна–гістарычным і культурна–асветніцкім кантэксце набывае рэалістычны напрамак у развіціі беларускай прозы. Сродкі рэалізму былі актуальнымі пры раскрыцці канфліктнай сюжэтыкі і адлюстраванні супярэчнасцей, што ўзрасталі ў грамадстве ў час рэвалюцыйнага ўзрушэння. З развіццём эпасу натуральна пашыраюцца і яго ідэйна–тэматычныя абсягі. Побач з селянінам героямі малой прозы становіцца інтэлігенцыя — выхадцы з народнага асяроддзя (творы М. Гарэцкага), рабочыя, прадстаўнікі гарадскіх нізоў (Я. Колас, Цётка), дзеці (М. Багдановіч, Цётка, Я. Колас). У творах гэтага часу нярэдкі лірычны герой, які задумваецца над філасофскімі пытаннямі, рэлаксуе і шукае адказы, што стала адлюстраваннем эстэтычных поглядаў саміх пісьменнікаў (З. Бядуля, М. Багдановіч, М. Гарэцкі, Ядвігін Ш. ). У тэматычным аспекце вылучаюцца творы, якія адлюстроўваюць гаротны лёс дзяцей–сірот, няшчаснае жыццё жанчын, цяжкасці быту селяніна. Частыя ў творах беларускіх празаікаў матывы тугі, расчаравання, безвыходнасці, трагедыі чалавека ў бязладдзі часу.

Літаратура гэтага перыяду яшчэ трывала трымаецца фальклорнага грунту, не адмаўляючы выкарыстанне вобразаў, матываў, архетыпаў, сюжэтаў народнай творчасці. «Фальклор… станавіўся пэўнай умоўнай формай, з дапамогай якой адкрывалася магчымасць выявіць сутнасць рэальнасці («гістарычнага сягоння»), надаць твору філасофскую скіраванасць, напоўніць яго адмысловай сэнсавай ідыяматыкай» [2, с. 196]. Зварот да эстэтыкі фальклору стаў паваротным пунктам літаратурнага развіцця, вызначыў працэс самаідэнтыфікацыі беларускай літаратуры.

У прозе развіццё набываюць малыя жанры як найбольш аператыўныя, сярод іх сваёй «актыўнасцю» вылучаюцца апавяданне і навела. І калі апавяданне можна характарызаваць падачай інфармацыі ў больш пашыранай, заглыбленай форме, то навела імгненна адгукалася на найбольш яркія праяўленні складанага часу. Лінія вострых супярэчнасцей жыцця і рэальных людзей свайго часу атрымала выразнае адлюстраванне ў творах Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, З. Бядулі, М. Гарэцкага, К. Чорнага і інш. Сярод навел значна вылучаюцца сацыяльна–бытавая, псіхалагічная навела (З. Бядуля, М. Гарэцкі, Я. Колас, Ядвігін Ш. ), навела–прытча, навела–алегорыя (Я. Колас, З. Бядуля, Ядвігін Ш. ), гумарыстычная навела (Ядвігін Ш., Я. Колас, У. Галубок).

Вялікая заслуга ў станаўленні беларускай навелы як жанру належыць класіку айчыннай літараратуры — Якубу Коласу. Пісьменнік пашырае жанравыя межы малой прозы, ствараючы і развіваючы гумарыстычную, псіхалагічную і алегарычную навелы («У балоце», «Кантракт», «Дзядзькаў сведка», «Трывога», «Чорт», «Адзінокае дрэва», «На чужым грунце», «Крыніца» і інш. ). Адштурховаючыся ад факта, ён удасканальвае мастацкую форму праз выкарыстанне трапных і лаканічных характарыстык і самахарактарыстык герояў, аўтарскую заглыбленасць у псіхалогію герояў і ў сферу ўспрыняцця імі жыццёвых абставін.

Я. Колас як шматгранны, надзвычай плённы ва ўсіх сферах літаратуры пісьменнік у некаторым сэнсе стаў настаўнікам для Змітрака Бядулі, які таксама стаяў на пачатку стварэння айчынная прозы, у прыватнасці, навелістыкі. Іх яднае перш за ўсё тэматычны абсяг твораў, прысвечаных жыццю селяніна на зямлі, яго бяспраўнаму становішчу і барацьбе за ўласныя правы. Але ў адрозненне ад «эпічнага» Коласа, навелы Бядулі вызначаюцца большай лірычнасцю, у іх, як і ў бядулевай паэзіі, адчувальны ўплыў імпрэсіянізму. У гэтым праяўляецца адна з асаблівасцей беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, калі стваральнікамі прозы выступаюць пісьменнікі, якія сцвердзіліся найперш як паэты. У Я. Коласа і З. Бядулі напісанне вершаў і прозы ішло амаль адначасова. Толькі коласаўскую, грунтоўна рэалістычную прозу можна паставіць ў адзін шэраг з талстоўскай, бальзакаўскай, а творчасць Бядулі сваёй эмацыйнай насычанасцю родніцца з навеламі А. Чэхава, М. Горкага, І. Буніна, Г. Мапасана.

У цэнтры ўвагі Бядулі–навеліста заўсёды знаходзяцца яркія, найчасцей трагічныя моманты жыцця селяніна. Драматызм навел нярэдка ўзмацняецца выкарыстаннем дзіцячых вобразаў, апісаннем іх пакут ці смерці. Такімі з’яўляюцца творы «Тулягі» (у вечанага п’яніцы і незадаволенага жыццём Арцёма памірае адзіная радасць — дачка Ганулька), «Малыя дрывасекі» (Цішка і Халімон гінуць ў завірусе), «Велікодныя яйкі» (Сцяпанка ўласнай крывёй малюе партрэт забітага на вайне бацькі на велікодным яйку). Матыў дзіцячых пакут даволі распаўсюджаны ў літаратуры. Гэты элемент мастацкага твора ўзгадваецца сярод літаратуразнаўцаў у звязцы з творчасцю Ф. Дастаеўскага, які вялікую ўвагу надаваў вобразам дзяцей, іх псіхалагічным і фізічным выпрабаванням. Драматызм бядулевых навел у чарговы раз падкрэсліў немагчымасць сусветнай гармоніі, калі ёсць дзіцячыя пакуты, гэтая самая «слязінка закатаванага дзіцяці».

Як адзначае В. Максімовіч, «лірычны пачатак дыктуе… бессюжэтнасць…, безгеройнасць і абагульненасць дзеяння» [3, с. 187]. Гэта адносіцца да вершаў, лірычных мініяцюр і некаторых апавяданняў З. Бядулі. У навелах пісьменнік застаецца «лірычным» толькі пры апісанні душэўных перажыванняў герояў. Творы не страчваюць падзейнай дынамікі, завостраны канфлікт арыентаваны на вырашэнне, чалавек і яго псіхалогія раскрываецца праз факт, выпадак паўсядзённага жыцця. У цэнтры ўвагі празаіка — драматычныя, а часам і трагічныя праявы сялянскага жыцця (беднасць, беспрытульная старасць, п’янства, хваробы). Героі паказаны на зломе, часта на мяжы жыцця і смерці, у адчайных, крызісных сітуацыях, якія дапамагаюць выявіць душэўныя зрухі персанажаў. Паказальныя ў гэтым сэнсе навелы «На каляды к сыну» і «Пяць лыжак заціркі». Варта адзначыць спецыфіку сітуацыі, адлюстраванай у творах. У самых простых побытавых праявах жыцця адбываецца «крах традыцыйных маральна–этычных каштоўнасцей — веры, любові, спачування, узаемаразумення — і проста ўмення жыць па–людску» [3, с. 197]. Трагічныя сітуацыі атрымліваюць нечаканае вырашэнне, у многім абумоўленае адсутнасцю элементарнага сумлення і чалавечай спагады. Абсурднымі, нелагічнымі бачацца паводзіны любага сыночка Лаўручка, які, убачыўшы маці, просіць лёкая не пускаць больш у пакоі «розных жабрачак шалёных» [1, с. 312]. Чалавечая недальнабачнасць суседкі («Пяць лыжак заціркі») прыводзіць да таго, што невялікае сямейнае шчасце, «якое не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце» [1, с. 302], становіцца вялікім няшчасцем.

Спецыфіка аўтарскай манеры Бядулі–навеліста знайшла адлюстраванне ў творах «Сон Анупрэя», «Злодзей», «Мядзьведзь» і «Фрося». Навелы пабудаваны на трагікамічных сітуацыях. Пісьменніку ўдалося арганічна спалучыць мастацкія сродкі пры апісанні анекдатычных выпадкаў, якія мелі месца на фоне чалавечай трагедыі. З аднаго боку творы блізкія па структуры да народнай байкі, плёткі, анекдота. З другога — яны выяўляюць глыбокія сацыяльныя праблемы: забітасць, «зацюканасць» селяніна, які ўсё жыццё церпіць нягоды («Сон Анупрэя»), беднасць, голад, якія вымушаюць на крадзеж («Злодзей», «Фрося»). Сюжэты навел не проста займальныя — вырашэнне сітуацыі незвычайнае, нечаканае з пазіцый лагічнага развіцця падзей. Структурным пуантам ў творах з’яўляюцца просьба «святога» Анупрэя, каб жонка кожную раніцу падавала яму гарэлку і селядец; сцвярджэнне «неперавыхаванага» Ліканора, што красці ён усё раўно будзе, толькі асцярожна; узаемавыгадны «бартэр» Фросі і лесніка.

Такім чынам, З. Бядуля стварыў своеасаблівую псіхалагічную навелу, якой не было да гэтага ў беларускай літаратуры. Псіхалагізм Бядулі адрозніваецца «лёгкім сумам, элегічнаю тугою» [4, с. 73]. Лірычны светапогляд пісьменніка і яго рэлігійнае выхаванне нарадзілі своеасаблівы тып навелы з прытчавай стрыманасцю і сітуацыйнай завостранасцю, што робіць вобразы твораў запамінальнымі. Навелы не разгорнутыя, без шырокага ахопу падзей, з невялікай колькасцю дзеючых асоб, у цэнтры — адна падзея, адзін псіхалагічна–эмацыянальны настрой. Канфлікт большасці з іх выразны, дынамічны, які мяжуе з выключнасцю. У творах Бядулі адлюстравана не будзённасць, а «звышбудзённасць — катастрафічная, трагедыйная» [2, с. 197]. Гэта падкрэсліваецца рознымі шляхамі — узмацненнем ролі выпадку («Пяць лыжак заціркі»), незвычайнасцю сюжэту («Злодзей», «На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі»), вобразам самога героя, даведзенага да адчаю («Фрося»), сутыкненнем трагічнага і камічнага ў межах аднаго твора («Сон Анупрэя», «Мядзьведзь», «Злодзей», «Фрося»).

У малой прозе пісьменніка адчувальны ўплыў імпрэсіянізму з яго кароткасцю, сціласцю апісання, яркай, эмацыйнай дэталлю, уражаннем ў цэнтры твора. Разам з тым на фоне мастацкага пераасэнсавання праблемы адзіноты асобнага чалавека, пошуку выйсця з безнадзейнага стану праяўляецца экзістэнцыяльнае светабачанне празаіка. Пры гэтым «Бядулю важна не столькі праўдападобнасць псіхалагічных дэталяў, колькі згушчальна–эмацыянальная атмасфера, якая ідзе ад героя, ад яго стану неўраўнаважанасці, «шоку» і якая нагнятаецца, захоплівае, падпарадкоўвае сабе» [2, с. 198]. У імкненні да максімальна большай ступені абагульненасці ў выяўленні чалавечых лёсаў аўтар паказвае шлях «рэгрэсацыі рэгрэсу» (В. Максімовіч). За актуалізаванымі завостранымі супярэчнасцямі Бядулевых навел прасочваецца тыповая карціна быцця селяніна пачатку мінулага стагоддзя.

Літаратура

1. Бядуля, З. Выбраныя творы / Змітрок Бядуля; уклад., прадм., камент. У. Казберука. — Мінск: Белкнігазбор, 2006. — 496с. [8] з іл.

2. Максімовіч, В. Па шляху абнаўлення / В. Максімовіч // Полымя. — 2003. №4. — С. 192—201.

3. Максімовіч, В. Паўтарэнне няпройдзенага / В. Максімовіч // Полымя. — 1999. — №9 — С. 185 — 199.

4. Навуменка, І. Я. Змітрок Бядуля / І. Я. Навуменка. — 2–е выд. — Мінск: Бел. навука, 2004. — 227с.

 

Внимание!

Внимание! Все материалы, размещенные на сайте, выпущены в печатной форме и защищены законодательством об авторском праве Республики Беларусь. Полнотекстовое использование (перепечатка) материалов сайта допускается только с согласия издателя (ЧУП "Паркус плюс"), цитирование в научных целях допускается без согласия, но при обязательном указании автора статьи и источника цитирования.


Проверить аттестат

На правах рекламы