Главная Публикации «Личность-слово-социум» – 2008 Литература и фольклор (Секция 3) Узроўні класіфікацыі істот ніжэйшай міфалогіі беларусаў у кантэксце даследаванняў канца XIX — пачатку XX стст. (па М. Я. Нікіфароўскаму) (Фалалеева Т. А.)

Фалалеева Т. А.

Інстытут сучасных ведаў імя А. М. Шырокава (г. Мінск)

Узроўні класіфікацыі істот ніжэйшай міфалогіі беларусаў у кантэксце даследаванняў канца XIX — пачатку XX стст. (па М. Я. Нікіфароўскаму)

У сучаснай навуцы, якая вывучае ніжэйшую міфалогію, актуальнай застаецца праблема класіфікацыі істот народнай дэманалогіі — гэта агульная думка спецыялістаў (Вінаградавай, Леўкіеўскай, Талстога). Яны лічаць, што да гэтага часу даследчыкі так і не змаглі распрацаваць фундаментальную тэарэтычна абгрунтаваную навуковую класіфікацыйную схему, у межах якой было б магчыма згрупаваць шматлікія персанажныя тыпы. Такім чынам, неабходна сістэмнае апісанне і класіфікацыя, якія б улічвалі разгорнутыя ў навакольным асяроддзі шматлікія дыялектныя формы лакальных дэманалагічных уяўленняў. Акрамя таго, застаюцца актуальнымі пытанні аб тым, якія пэўныя міфалагемы (ідэалагічныя канцэпты, культурныя сімвалы) стаяць за вобразамі народнай дэманалогіі, якая прагматыка ў існуючых у народнай культуры дэманалагічных тэкстах, якія нарматыўныя формулы становяцца рэгламентуючымі ва ўзаемаадносінах чалавека з міфалагічнымі істотамі, а адсюль і ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі [2].

На нашу думку, мадэль дэманалагічнай сістэмы беларусаў, асновай якой сталі матэрыялы даследванняў беларускіх навукоўцаў–этнографаў канца XIX — пачатку XX стст., значна дапаўняе ўяўленне аб істотах ніжэйшай міфалогіі ў агульнаславянскім маштабе і пашырае межы уяўленняў аб нячысціках не з пазіцый «чалавек» — «нечалавек» (схема прапанаваная Вінаградавай), а з пазіцый зносін «чужы антаганістычны свет» — «свет свой, добры, спрыяльны» адносна чалавека. Так, у ракурсе гэтага аспекта становіцца зразумелым пытанне аб «заложных» памерлых і душах памерлых людзей у генезісе нячысцікаў: іх свет антаганістычны чалавеку, таму што гэта свет «не свой, чужы», гэта свет нябачны і нерэгламентаваны чалавекам. Такім чынам, на нашу думку, пазіцыі «той, чужы свет» і «гэты, свой свет» становяцца дамінантнымі.

У фалькларыстыцы канца XIX— пачатку XX стст. карыстаюцца апісальнымі класіфікацыямі (Федароўскі, Шпілеўскі, Раманаў, Ляцкі, Карскі, Багдановіч, Сержпутоўскі), у той час як існуе строгая іерархічная сістэма Нікіфароўскага, якая адлюстроўвае і статус дэманічнай істоты у гэтай іерархіі і ў сістэме сусвету, і палажэнне (статус) чалавека ў адносінах да гэтай сістэмы. У класіфікацыі істот ніжэйшай міфалогіі М. Я. Нікіфароўскі выдзяляе чатыры катэгорыі нячысцікаў: Люцыпар, пякельнікі — першая катэгорыя; вольныя нячысцікі (паўсюднікі) — другая катэгорыя, чалавекападобнікі — трэцяя катэгорыя; дэманападобнікі — чацвертая катэгорыя [1]. Такім чынам, у працэсе аналізу становіцца абсалютна зразумелай, напрыклад, думка А. Я. Багдановіча, які пад увасабленнем абсалютнага зла разумее чорта, яго служак, але не лічыць такімі ж самымі «стыхійных багоў», якія могуць рабіць зло, але могуць і не рабіць яго. Адносна узроўневай сістэмы класіфікацыі Нікіфароўскага чорт і стыхійныя багі знаходзяцца на розных ступенях (узроўнях) у сістэме сусвету і узаемаадносін з чалавекам.

Схематычна гэтую думку можна выразіць такім чынам: М. Я. Нікіфароўскі будуе трохузроўневую сістэму светапогляду беларуса канца XIX — пачатку XX стст. на сусвет і навакольную прыроду праз прызму першабытнага светауспрымання (анімістычнай філасофіі) і традыцый хрысціянскай культуры. У такой структуры на першым узроўні: увасабленне страху чалавека перад дэманічнымі сіламі прыроды (менавіта тут праяўляюцца рэшткі анімістычнага асэнсавання сусвету), дзе чалавек сутыкаецца з варожым антаганістычным светам, і нячысцік — сінонім слоў «злы, чужы, вораг». Чалавек на гэтай ступені — «бездапаможнік» перад нячысцікам: «ўжо нам ёсць вядома, што чорт ёсць непрыяцель чалавечы і стараецца звесці яго ў грэх, …не збегчы яму (чалавеку) ад гэтых ворагаў ні ў гушчары, ні ў дупле, ні ў пячоры… З хуткасцю думкі ворагі абкружалі бездапаможніка, прабіраліся праз высокія і моцныя сцены, такія ж вароты, вежы і горныя вышыні, умеючы абыходзіць усё, чым процістаяў слабы розум чалавека» [3]. Для параўнання прыводзім апісанне мадэлі анімістычнага светауспрымання аўстралійскіх туземцаў у даследваннях Ольдфільда: «Лік тых, хто унушаў, калі не любоў, то страх звышнатуральных істот, якіх яны прызнаюць, надзвычай вялікае. Яны насяляюць не толькі неба, але і ўсю паверхню зямлі, усё кішыць звышнатуральнымі істотамі: кожны гушчар, большая частка вадаёмаў, усе скалістыя месцы напоўнены імі… Паміж імі, відаць, няма добрых, а, насупраць, усе яны імкнуцца прычыніць як мага больш зла беднаму чалавеку» [4]. І ў верваннях беларусаў у адносінах да наваколля першапачаткова дамінуюць уяўленні аб ніжэйшых духах як аб ворагах усяго чалавечага роду. На гэтай ступені нячысцікі выступаюць як увасабленне абсалютнага зла і, такім чынам, не могуць быць удзельнікамі ніякай дамовы паміж імі і чалавекам, якая б вяла да дабра. Нячысцікі сеюць дурныя думы, хваробы (асабліва хваробы душы — беснаванне, вар’яцтва); разбураюць сацыяльныя і грамадскія устоі. Іх свет — агідная пародыя на чалавечы свет. І калі свет чалавека «свой, добры», то свет нячысціка — «чужы, злы, варожы». Існаванне нячысцікаў на гэтым узроўні асэнсоўваецца праз адносіны: «нячысцік — чалавек», «нячысцік — нячысцік», «нячысцік — дэманічнае грамадства».

Гэты узровень уключае першыя дзве катэгорыі нячысцікаў і мае строгую іерархію, дзе у першай катэгорыі — Люцыпар (Сатон д’ябальскі, Анчыпар), які есць заканадаўца і суддзя у дэманічным грамадстве; яго служкі пякельнікі, пазбаўленыя вольнага жыцця і зносін з іншымі нячысцікамі. Менавіта ад іх грэшная душа чалавека трывае бясконцыя пакуты і не мае магчымасці пазбегнуць кары: «людзей так мардуюць: нячысцікі пазапрагалі іх у сохі, навіну паднімаць прымушаюць, гарачым жалезам паганяюць, а зямля камяністая, цяжолая», «нячысцікі цягнуць з людзей жылы, вымотваюць кішкі» [5]. Але найбольшыя мукі трываюць абсалютныя злыдні: «смажуцца у смале, гараць у агні разбойнікі, душагубы, што жыцці людзей адбіралі, пякуцца там, трасуцца ваўкалакі, ведзьмакі, ведзьмы, чараўнікі і чараўніцы, што запродалі чорту душу — людзей чаравалі, маравое паветра напускалі на кароў, на коней звяроў пасылалі, у жыці заломы ламалі, у кароў малако адбіралі… І німа ім ні дна ні пакрышкі» [5].

У другой катэгорыі вольныя нячысцікі (паўсюднікі), мэта якіх — нізвесці чалавека, запаланіць яго душу:

Паехаў сірата

Да у лес па драва.

Нешта яму стала,

Што ён забавіўся:

Ці волы пагубіў?

Ці з дарогі збіўся?

Ці зайшоў у корчму

І гарэлкі напіўся?

Ці выйшаў за вароты

Ды на тын нахіліўся? [6].

Паўсюднікі па–рознаму ставяцца да сваіх абавязкаў, хто вельмі стараннна (шэшкі, касны, паралікі, паветрыкі), хто абыякава (кадукі, шатаны, прахі, цмокі). Увогуле ж, аснова іх адносін да чалавека адмоўная, акрамя, мабыць, кадукоў. Такая ж аснова адносін і паміж самімі нячысцікамі: бо яны сочаць за чалавекам, імкнуцца выкарыстаць любую магчымасць рабіць чалавеку зло, суіснуюць у дэманічным грамадстве: сярод іх пануе беспрынцыпнасць, зайздрасць, злосць, здрада. Відавочна, што царства Люцыпара — царства маральнага зла, адлюстраванне маральнай спустошанасці ў чалавеку.

На другім узроўні, на нашу думку, здзяйсняюцца наступныя зносіны: чалавек — нячысцік, чалавек — дэманічнае грамадства, чалавек — нячысцік — чалавек. На гэтым узроўні чалавек навучыўся абараняць сябе. Ён не толькі не страшыцца нябачнага ворага, але і выжывае яго з наседжаных месцаў, губіць яго канчаткова або прыстасоўваецца так, каб з ганьбою глядзець на падкопы і наветы таго ж ворага. І ўжо не страшыцца сапраўднага варожага імя, а вымаўляе яго і ў дзелавых спрэчках, і ў байках, і ў лаянках. Чалавек ужо прама называе нячысціка, чаго ніколі раней не рабілі продкі. Больш таго, глядзіць на зносіны паміж людзьмі праз прызму адносін да нячысцікаў. На гэтым узроўні магчыма дамова паміж чалавекам і нячысцікам, і не раз нячысцікі дапамагаюць людзям, да таго ж сярод іх ёсць і такія, хто набывае чалавечае аблічча. На гэтым узроўні існуе трэцяя катэгорыя нячысцікаў — чалавекападобнікі, якія ўпалі на зямлю і засталіся на ёй. Чалавек не страшыцца зносін з імі, наадварот, ён вымушаны паўсюдна сутыкацца з імі: у хаце, у полі, у лесе, у хляве і г. д. У гэтых сутыкненнях ужо чалавек пануе над наваколлем і над нячысцікамі. «Свой, добры» чалавечы свет ён супрацьпаўстаўляе свету нячысцікаў, але ужо не баіцца яго. Наадварот, часам свет нячысцікаў церпіць ад свету людзей: «Калі жонка стражніка вельмі дапякла свайго мужыка, той вырашыў пазбавіцца ад яе і кінуў жонку ў глыбокую яму. Праз тры дні яму стала сорамна, і ён вырашыў выратаваць бабу з ямы, але выцягнуў чорта. Пытае стражнік ў чорта: — А ты чаго адтуль уцякаеш? — Ай, дарагі мой! Дня тры таму папала сюды якая ёсць баба, ды як пачала ўсіх нас мучыць: таго па ваду прэ, таго пырне, таго ганяе хату месці, таго штурхне, таго у печы паліць, — а ўсе крычыць, енчыць, што ўжо ўсе нашы чэрці паўцякалі, а я адзін без ног, то яна мяне чыста заштурхала. Змілуйся, ратуй мяне ад яе! — Гэта ж мая жонка! — Ах, няхай яна адна там будзе!» [5].

На тым жа ўзроўні увасабленне адносін паміж людзьмі праз прызму адносін чалавека да нячысцікаў:

Адна баба здохла,

Другая памерла.

Адна адну асядлала —

Паехалі у пекла!

Паляцелі на неба —

Там іх ня трэба! [7]

А што там у лесе трашчыць?

Ці ня бес маю цешчу ташчыць?

Ой, ташчыць, ташчыць, патасківаіць

І зубамі палясківаіць [7].

Ці, наадварот, чалавек імкнеццца падпарадкаваць сілы прыроды на карысць сабе:

Узніміся ты, віхор,

Із–пад рэчкі, із–пад гор:

Занясі платок таму,

Хто міл сэрцу маяму… [7]

Такім чынам, на другім узроўні відавочна імкненне чалавека перамагчы свой першабытны страх, набыць вышэйшыя маральныя якасці, пазбавіцца ад адмоўнага і неспрыяльнага, падпарадкаваць сілы прыроды, жыць з імі ў згодзе.

На трэцім узроўні (які, на нашу думку, паралельны першаму) здзяйсняюцца зносіны паміж людзьмі і нячысцікамі, у выніку якіх чалавек па ўласным сваім жаданні прымае сатанінства ад нячысцікаў і сам прыпадабляецца да іх, нават набывае адметны матэрыяльны вобраз ворага: хвост, поўсць, іклы і г. д. На гэтым узроўні знікаюць антаганістычныяадносіны паміж дэманападобнікамі (чацвёртая катэгорыя) і нячысцікамі: чалавек сам пераўтвараецца ў нячысціка. Іх існаванне і зносіны ажыццяўляюцца па схеме: «чалавек — нячысцік», «чалавек–нячысцік — чалавек», «чалавек–нячысцік — дэманічнае грамадства» (дзе чалавек–нячысцік ёсць дэманападобнік).

Рознабакова людзі ставяцца да дэманападобнікаў: «но совершенно искренним почетом и уважением народа пользуются ворожбиты и ворожбитки, которые избрали своей специальностью врачевание болезней и разрушение сил колдовства других… Знахарь силою нечистого духа может творить чудеса. Нечистики всегда заступаются за знахарей — вредят людям, которые не заплатили знахарям…» [3]. Людзі ўпэўнены, што нячысцікі — служкі дэманападобнікаў: «…ведзьма прызывае нячысцікаў на службу: — Здрастуй, паганыя дзьявалы! — Што ты нас на пераклічку трэбуеш, ай на работу? — Эка вы, паганыя дзьявалы! Што мне ваша пераклічка? Я вас на работу трэбую» [5] і г. д. На гэтым узроуні у працэсе зносін паміж людзьмі і дэманападобнікамі, дэманападобнікі могуць рабіць зло, а могуць і не рабіць яго. Увогуле ж, у людзей адмоўнае стаўленне да дэманападобнікаў, якіх просты чалавек асэнсоўвае з нячысцікамі: «Такі чалавек, што душу прадаў, што толькі захочыць вяліць чорту здзелаць — і чорт яго паслухае: толькі такі чалавек на век прапашчы, як толькі памрэць, у той жа час душа яго у пекла пойдзе…» [5].

Такім чынам будуецца сістэма зносін чалавека са светам антаганістычным яму і са светам спрыяльным яму, дзе першы і трэці ўзроўні асэнсоўваюцца як «чужы, варожы», а другі ўзровень — «свой, добры». Менавіта схема такіх зносін дэманструе, што кантакты са звышнатуральнымі істотамі ажыццяўляюцца зыходзячы з уяўленняў аб тым, што кожны з удзельнікаў кантакта павінен выконваць устаноўленыя правілы і абавязкі адносна адзін аднаго. Так фарміруецца кола асобых правілаў паводзін, якое ёсць грунтоўныя рэгламентацыі ў сферы паводзін чалавека ў выніку зносін з міфалагічнымі персанажамі, якія ўваходзяць ва ўяўленні чалавека аб самых розных сферах жыцця традыцыйнага грамадства (бытавы узровень, інтымныя зносіны, межасабовыя зносіны).

Да таго ж неабходна удакладніць, што на усіх узроўнях класіфікацыі М. Я. Нікіфароўскі прытрымліваецца абавязковай дапаўняльнай схемы апісання нячысцікаў: знешнасць, статус у дэманічным грамадстве (дэманічнай іерархіі), вобраз жыцця (адзінокі, сямейны, шлюб, заляцанні), з’яўленне на свет нячысціка, узрост, момант смерці, узроўні (тып) узаемаадносін з чалавекам, што значна аздрознівае яго даследваннне ад даследванняў фалькларыстаў канца XIX— пачатку XX ст., аде гэта ўжо тэма наступнага артыкула.

Літаратура

1. Фалалеева, Т. А. Дэманалагічная сістэма ў кнізе М. Я. Нікіфароўскага «Нячысцікі…» / Т. А. Фалалеева // Личность–слово–социум: материалы II Междунар. науч.–практич. конф., 17—19 апреля 2002 г., г. Минск / отв. ред. Т. А. Фалалеева. — Минск: ИСЗ, 2002. — С. 8—11.

2. Виноградова, Л. Г. Славянская народная демонология: проблемы сравнительного изучения: дис. в виде научного доклада … д–ра филол. наук: 10.01.09 / Л. Г. Виноградова. — М., РГГУ, 2001 // Фольклор и постфольклор: структура, типология, семиотик [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://www.ruthenia.ru/folklore/vinogradova1.htm. — Дата доступа: 10.03.2008.

3. Никифоровский, Н. Я. Нечистики: свод простонародных в Витеб. Белоруссии сказаний о нечистой силе / Н. Я. Никифоровский. — Витебск: Изд. Н. А. Паньков, 1995.

4. Тейлор, Э. Первобытная культура / Э. Тейлор. — М., 1980.

5. Романов, Е. Р. Белорусский сборник / Е. Р. Романов. — Вып. 3. — Витебск, 1887.

6. Никифоровский, Н. Я. Очерки простонародного житья–бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов домашнего обихода / Н. Я. Никифоровский. — Витебск, 1895.

7. Никифоровский, Н. Я. Белорусские песни «частушки» / Н. Я. Никифоровский. — Вильна, 1911.

 

 

Внимание!

Внимание! Все материалы, размещенные на сайте, выпущены в печатной форме и защищены законодательством об авторском праве Республики Беларусь. Полнотекстовое использование (перепечатка) материалов сайта допускается только с согласия издателя (ЧУП "Паркус плюс"), цитирование в научных целях допускается без согласия, но при обязательном указании автора статьи и источника цитирования.


Проверить аттестат

На правах рекламы