Главная Публикации «Личность-слово-социум» – 2008 Литература и фольклор (Секция 3) Характэрныя асаблівасці беларускага і рускага фальклору у байках К. Крапівы (Агароднікава С. В.)

Агароднікава С. В.

Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт (г. Мінск)

Характэрныя асаблівасці беларускага і рускага фальклору у байках К. Крапівы

Творчасць народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы займае выдатнае месца у гісторыі беларускай літаратуры.

Сатырык–байкапісец, драматург, К. Крапіва ўзбагаціў беларускую літаратуру шматлікімі творамі, разнастайнымі па жанры і тэматыцы, у якіх адлюстраваў жыццё нашай краіны на розных этапах яе развіцця.

Асаблівае значэнне сярод твораў сатырычнай паэзіі займаюць байкі, што заваявалі прызнанне чытача дзякуючы сваёй актуальнасці, сатырычнай вастрыні, высокай мастацкасці.

Байка ў беларускай літаратуры мае сталыя традыцыі. Многія беларускія паэты звярталіся да гэтага жанру. Я. Купала і Я. Колас зрабілі беларускую байку глыбока рэалістычнай, народнай па сваім змесце і па форме.

Кандрат Крапіва развіваў не толькі нацыянальную баечную традыцыю, ён абапіраўся на творчы вопыт І. А. Крылова, Дзям’яна Беднага і іншых рускіх байкапісцаў.

Вядома, што з усіх жанраў паэзіі байка вызначаецца выключнай блізкасцю да вуснай народнай творчасці, яна ў найбольшай ступені захавала асаблівасці народнай алегорыі, характар народнага мыслення і таму зрабілася глыбока народным жанрам мастацкай літаратуры.

І. А. Крылоў як мастак быў глыбока народным паэтам, і невыпадкова Бялінскі гаварыў, што ён заўсёды абапіраўся на трывалую аснову — «На натуру свайго народа». Вось гэту добрую традыцыю беларускі байкапісец працягваў і развіваў.

К. Крапіва выйшаў з народнай гушчы, з сялянскага асяроддзя. Народная мудрасць, багаты жыццёвы вопыт народа, што вякамі накопліваліся і атрымлівалі сваё мастацкае жыццё ў фальклоры, з малых гадоў уваходзілі ў свядомасць будучага пісьменніка. К. Крапіва грунтоўна вывучаў фальклорную спадчыну беларускага народа. Будучы студэнтам першага курса БДУ, ён напісаў вялікую працу «Беларускія прыказкі», у якой раскрыў велізарнае значэнне прыказак і прымавак у жыцці народа.

Народны погляд пісьменніка на рэчаіснасць, шырокае выкарыстанне фальклору, прыказак і прымавак надавалі мове і стылю яго баек народны характар і каларыт, давалі магчымасць сатырыку эканоміць слоўны матэрыял.

У аснове многіх баек К Крапівы ляжыць прыказка: «Баба з калёс — каню лягчэй» («Дзед і баба»), «Вялікаму каню — вялікі хамут» («Саманадзейны конь»). Для некаторых баек і сатырычных вершаў пісьменнік бярэ прыказкі ў якасці загалоўкаў твораў — «Еш, дурань, бо то з макам», «Давялося свінні на неба глядзець». Падобна да І. Крылова, К. Крапіва імкнецца да сэнсавай якасці, да ўласцівага прыказцы лаканізму, і таму многія трапныя, «крылатыя» выразы з баек беларускага сатырыка, асабліва канцоўкі твораў, у сваю чаргу ператварыліся ў прыказкі і прымаўкі, сталі афарызмамі: «Другі баран — ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя», «Прэтэнзій у яго — хапіла б на слана, заслуг жа — як у зайца» і інш.

Выкарыстоўваючы ў творах народную прыказку, К. Крапіва ў першую чаргу звяртае ўвагу на яе мараль: пры гэтым у адным выпадку прыказка непасрэдна ўводзіцца ў тэкст байкі, у другім — сэнс прыказкі пранізвае ўвесь твор, ляжыць у яго аснове, хоць самой прыказкі чытач тут не знаходзіць.

Байкі К. Крапівы, як і ўсе яго сатырычныя творы, вызначаюцца прастатой стылю, выразнасцю і трапнасцю сатырычных характарыстык, будуюцца, як правіла, на матэрыяле, узятым з жыцця і быту беларускага селяніна. Адсюль і нацыянальны беларускі каларыт, якім яны прасякнуты.

Байкапісцы мінулых эпох заўсёды прытрымліваліся традыцыйных сюжэтаў і вобразаў. Яны «насялялі» байкі сланамі, ільвамі, асламі, папугаямі і іншымі прадстаўнікамі жывёльнага свету экзатычнага Усходу. Нават І. А. Крылоў не адмаўляўся ад гэтых традыцыйных вобразаў, хоць яго байка ў асноўным будавалася на жыццёва–бытавым матэрыяле сучаснай яму рускай рэчаіснасці. Зусім іншае ў байках К. Крапівы: у яго творах адсутнічаюць традыцыйныя баечныя вобразы, выключэнне складае хіба толькі асёл («Мандат», «Сава, Асёл ды Сонца»). К. Крапіва выкарыстоўвае вобразы хатніх жывёл, што даюцца на фоне своеасаблівага каларыту жыцця беларускай вёскі. Чытач знойдзе тут алегарычныя вобразы з характэрнымі бытавымі назвамі: Каштан, Вараны, Рабы, Падласка, Жук і інш. Алегарычныя персанажы птушынага царства таксама ўзяты пісьменнікам з фауны Беларусі: каршун, сіваграк, грак, сава, шпак. Крапіва–байкапісец працягвае традыцыі Я. Купалы і Я. Коласа, алегарычныя вобразы твораў якіх узяты з жывёльнага свету Беларусі («Груган і салавей», «Ястраб, лісіца і певень», «Конь і сабака»).

Як і іншыя байкапісцы, К. Крапіва захоўвае тыя традыцыйныя характарыстыкі алегарычных персанажаў, якімі надзяляе іх народ. Так, у народных казках асёл і баран з’яўляюцца ўвасабленнем тупасці, зазнайства і ўпартасці, вол — увасабленнем працавітасці, свіння — неахайнасці, ліса — хітрасці, заяц — баязлівасці. Гэтыя якасці ўласцівы і жывёлам баек Крапівы. Асёл з байкі «Мандат», пад алегарычным вобразам якога падразумяваецца чыноўнік–бюракрат, надзяляецца пісьменнікам выключнай упартасцю і зазнайствам.

Байкапісец іранічна называе Асла «разумнікам», гэта значыць, гаворыць то, што супярэчыць традыцыйнаму ўяўленню аб ім, як увасабленні крайняй дурноты, бязглуздасці. Такі прыём яшчэ больш падкрэслівае сатырычную сутнасць баечнага персанажа.

Побач з вобразамі жывёльнага свету ў байках Крапівы ў якасці дзеючых асоб можна сустрэць і людзей, галоўным чынам, сялян. Такія байкі, як правіла, вызначаюцца эпічнасцю, яны ўяўляюць сабой невялікія апавяданні, драматычныя сцэнкі, у якіх даецца замалёка звычайных будняў высковага жыцця, сялянскага побыту. Карціна нялёгкай працы касцоў на лузе раскрываецца, напрыклад, у байцы «Сука ў збане».

Малюнкі сялянскага быту паўстаюць у байках «Далікатныя парасяты», «Жаба ў каляіне», «Кувалда», «Ліслівае цяля».

Багатай, каларытнай, па–народнаму дасціпнай з’яўляецца мова баек і сатырычных вершаў К. Крапівы. Паэт па–майстэрску карыстаецца дыялогам. У яго можна знайсці творы сатырычнай паэзіі, што цалкам пабудаваны на жывым дыялогу, і нават так званая мараль часам заключана ў словах аднаго з персанажаў. Яркім узорам такога твора можа служыць байка «Дэкрэт».

Вобразнае багацце, народная мудрасць, дасціпнасць, натуральная прастата паэтычнай мовы робяць байкі і сатырычныя вершы К. Крапівы яснымі і зразумелымі па думцы, гумарыстычна–сатырычнамі на афарбоўцы, маляўнічымі, мастацка пераканаўчымі. Адсюль і выключная даходлівасць гэтых твораў да масавага чытача, і іх актуальнасць.

 

Внимание!

Внимание! Все материалы, размещенные на сайте, выпущены в печатной форме и защищены законодательством об авторском праве Республики Беларусь. Полнотекстовое использование (перепечатка) материалов сайта допускается только с согласия издателя (ЧУП "Паркус плюс"), цитирование в научных целях допускается без согласия, но при обязательном указании автора статьи и источника цитирования.


Проверить аттестат

На правах рекламы